Маёй Бабулі і Сіп Пінэлес
КАЦЯ ДАБКЕНЕ
Габрэйская дзяўчынка Сіп Пінэлес
шпацыруе па Вене ў пачатку
стагоддзя №20.
Яна другая з канца сярод
пяці братоў і сясцёр.
Чуеш бразгат жалезных сківіц?
Гэта вайна глэмае за падол.

Габрэйская дзяўчынка Фаіна Прозвішчалепейзапамятаваць
шпацыруе па Жытоміры ў пачатку
стагоддзя №20.
Яна апошняя з адзінаццаці дзяцей, чатыры з якіх памерлі.
Чуеш бразгат жалезных сківіц?

Гэта вайна глэмае за падол.

Сіп Пілэнэс вылузваецца з Вены ў Варшаву,
з Варшавы ў Нью-Ёрк.
І малюе, малюе, малюе:
фаршмак і укроп, цыбулю і бульбу, кашу з тэфтэлямі
акварэлямі.
Але твае хлапчуковае імя, Сіп, належыць дзяўчыне.
Колькі год ты яшчэ будзеш насіць па рэдакцыях свае малюнкі
перш як станеш
зоркай
журнальнага небасхілу.

Фаіна Прозвішчалепейзапамятаваць
вылузваецца з Жытоміра ў Чэлябінск
І танчыць, танчыць, танчыць.
Дом афіцэраў ломіцца ад людзей.
"Девушка, мы берём Вас в Москву, сделаем із Вас звезду
ціркового купола"
– але куды,
калі
лейтэнант у далоньку кладзе
пяшчоты вузельчык.
Так пачаліся фаршмак і укроп, дзеці, цыбуля і бульба, гарады, гарнітуры,
каша з тэфтэлямі
і бялізна
бялюткая
з якой хутчэй бы адмыць Прозвішчалепейзапамятаваць.

Знакамітая Сіп Пілэнэс
пра якую Вікіпедыя ведае
толькі па-ангельску, нямецку і італьянску, ліе акварэлямі на паперу памяці.

Нікаму невядомая Фаіна
пра якую ведае пажаўцелы сшытак
ды тыя, каго песцілі й кармілі
яе рукі,
твая фамілія – Друтман
і я цалую
кожную
літару.
Тэкст напісаны ў межах лабараторыі «Расцяжэнне x Fihury»
2023 год