На працы
Броўкіна
– І ўвогуле! Гэта Амерыка ва ўсім вінна! – прыпечатала да стала кліентка маёй калегі свабоднай рукой.

"Ах ты, Божачка наш бацька! – апусціла я галаву ніжэй, – а здавалася такой разумнай жанчынай." Амаль гадзіну мы гутарылі з ёй больш-менш спакойна, абмяркоўвалі розныя пункты гледжання, памылкі і аднаго, і другога боку. Канешне, яна была за Расею, хоць і казала, што "не ўсё так адназначна". Я ўчапілася за гэтае "неадназначна" і вырашыла, што правакацыйнымі пытаннямі выцягну яе на правільныя вынікі. Восем гадоў бамбілі Данбас? Добра. А чаму РФ адмаўлялася ад міратворцаў ААН? ЛДНР абараняецца? А чаму тады вайна ў 2014 годзе пачалася з таго, што гэтыя бананавыя рэспублікі напалі на Харкаў?

Варочалася яна, як вуж на патэльні, пазбягаючы адназначных адказаў, і я пайшла ў ва-банк з галоўным беспамылковым пытаннем:

– Дык хто ж усё ж такі пачаў вайну 24 лютага? Хто пачаў напад?

Затаілі дыханне ўсе: і мая кліентка, і напарніца, і дырэктарка, якая выйшла са свайго кабінета зацікаўленая спрэчкай. У нас, у Беларусі, моцна абпаленай другой сусветнай вайной, заўсёды казалі, што вінен той, хто напаў. Мабыць, гэтае веданне запісана на генным узроўні кожнага жыхара краіны і яго немагчыма пераканаць ніякімі пафаснымі словамі пра "асвабадзіцельную" місію расейскай арміі. Хвіліну жанчына моўчкі хапала паветра, узняўшы вочы ў столь. Здавалася, што яна ўсталёўвае ментальную сувязь з Салаўевым і просіць падказаць правільны адказ. І выдала нарэшце, што вам ўсім вінна Амерыка. Мяне зноўку ахапіў адчай. Праўду кажуць, што зомбі – гэта дабравольныя забойцы мозга.

Адразу ажывілася мая калега, абрадаваная, што знайшла сабе сястру па разуму.

– А я з вамі поўнасцю згодна! Хахлы зусім нахабныя сталі. Як такое магчыма, Бандэру, галоўнага ката беларусаў, у героі запісаць.

– Света, – ніяк не магу я прамаўчаць, – дык што ж нам такога ён зрабіў, што ты яго ненавідзіш?

– Як што? – ускінулася яна. – Ён вёскі нашы паліў падчас Вялікай Айчыннай!

– Па тэлевізары сказалі? – запыталася я.

– Пры чым тут тэлевізар? Я сама ведаю!

– То бок, у цябе ёсць доказы яго злачынстваў? Дакументы, фота, відэа, можа, як людзей забівалі ды палілі? Ці, мо, яго прызнанне ў забойствах? Ці расповеды сведкаў?

– Навошта мне нейкія доказы, – яна ўжо ледзь не захлёбваецца ненавісцю, – я і так ведаю. Ён – страшэнны злачынец! І не смей у Беларусі праізнасіць яго імя, калі ня хочаш каб ад цябе ўсе знаёмыя адвярнуліся.

– Свет, ведаеш, – я ўжо нават і злавацца не магу на яе, – справа ў тым, што Бандэра з 1939 па снежань 1944 прасядзеў то ў канцлагеры нацыстаў, то ў іх жа ў турме і ніяк ня мог у той час у нашай краіне вёскі паліць.

– Няпраўда! Ты хлусіш! – нават не чуючы маіх слоў, крычала яна. – Я ведаю, што ён быў тут. Я ведаю, што ён забіваў людзей.

– Дык адкуль ты гэта ведаеш? Дзе доказы?

— Не патрэбныя мне ніякія доказы! Ведаю, і ўсё!

Адвярнулася ад мяне і пачала захаплена гутарыць са сваёй кліенткай аб тым, як добра будзе, калі Расея нарэшце верне сабе украінскія землі, калі мы ўсе, былыя рэспублікі СССР аб'яднаемся ў новы саюз, дзе людзі будуць роўнымі, аднолькава зарабляць, аднолькава апранацца, не будзе багатых, не ў чым будзе зайдросціць адзін аднаму...

Божухна! Я нават вочы закаціла. Добра, я магу зразумець Свету, яна ўсё жыццё жыве ў беднасці, з п'яніцай мужам, ёй, што капіталізм, што сацыялізм – усё аднолькава. Але ж кліентка яе, маладая, багатая, заможная, у мужа бізнэс па яе расповядам. Няўжо яна не разумее, што ўсяго гэтага хутка ў яе ня будзе? З-за санкцый, з-за дурной эканамічнай палітыцы нашай улады. Навошта ёй такі саюз, дзе ня будзе багатых?!

– Цяпер я разумею, чаму мой сын забараняе мне глядзець тэлевізар, асабліва нашы ды расейскія каналы, – усхапіўшыся, я ўбачыла, што мая кліентка яшчэ не сыйшла. Яна палажыла сваю руку са свежым манікюрам на маю і працягнула:

– А ты не крыўдуй на іх. Прыйдзе час, яны самі даведаюцца, хто ёсць хто на самой справе.

– Вы лічыце, што ў нас ёсць час на чаканне? Хай гінуць людзі, узрываюцца дамы, лепшыя з нас працягваюць у турмах сядзяць, а мы пачакаем, пакуль хтосьці штосьці зразумее? А потым усё разам сядзем і будзем чакаць, калі вусаты, нарэшце, здохне? І будзе нам тады шчасце? Самі мы ж нічога ня можам зрабіць, праўда?

Засмуцілася мая кліентачка, адказала ціха: «Да пабачэння!» — і пайшла.

Паднялася са свайго месца і я, каб размяцца ды кавы папіць. Падабаецца мне мая праца, прыемна рабіць жанчын трохі красівейшымі, ярчэйшымі, але ж калі буду ўвесь дзень з-за стала не выходзіць і сядзець скланіўшыся над чужымі кіпцюрыкамі, то хутка гарбатай стану.

– Ну, і навошта ты да сваёй бабулькі прычапілася? – падышла да мяне кіраўніца, – яна ж з табой не спрачалася, наадварот пагадзілася.

– Яе сын, які не дае ёй тэлевізар глядзець, шышка міліцэйская, – адказваю засмучана. – Расказвала пра яго калісьці. Што ня любіць ён нашага перэсідэнта, што шмат чаго яму не падабаецца. А я пытаюся: дык чаму ж ён ня звольніцца, чаму нічога ня зробіць, каб змяніць абставіны? А яна і кажа: "Ну, а што ён можа?"

Яна мае рацыю, – спакойна гаворыць мая дырэктарка, – што ён можа зрабіць? Што мы ўсе можам зрабіць?

– Ды хоць што-небудзь! – ледзь не крычу я шэптам. – Хоць што-небудзь. Хоць не маўчаць, хоць выказацца супраць. Супраць гвалту і забойств.

– Ды не маўчалі ўжо, – жорстка адказвае дырэктарка, – і што? І нічога. Каго звольнілі, каго заткнулі. Нічога мы зараз ня зробім, ніхто з нас. Толькі чакаць і застаецца. Можа і пашанцуе нам аслабаніцца нарэшце ад дыктатара нашага неўміручага.

Я ўтыкаюся лбом у кулер, такі ж гарачы, як і мае думкі:

– Я ўжо чуць больш не магу гэткае: "Што мы можам?.. Трэба пачакаць... Хай бы нам хтосьці дапамог..." Колькі можна цуда чакаць? Колькі мы будзем паводзіць сабе як дзеці напалоханыя? Калі мы ўжо ўсе зразумеем, што толькі самі, не хтосьці, а мы самі павінны збросіць нелігітымнага?

– Як? – усміхнулася кіраўніца.

– Не ведаю. Вось, як і іншыя, не ведаю. Адно толькі магу сказаць, што здавацца нельга. Не бачым мы выйсця зараз, дрэнна, але гэта не значыць, што можна злажыць лапкі і чакаць на беразе ракі, калі праплыве труп ворага. Вось я магу размаўляць з людзьмі, праўду ім расказваць, спрабаваць пераканаць, я і далей гэта буду рабіць.

– Ды ўжо па Свеце нашай бачна, які ты – добры тлумачальнік, – паддзела мяне дырэктарка.

– Наста, – сумна ўсміхнулася я, – усім нам цяжка, усе мы марылі хутка і лёгка прыйсці да дэмакратыі. Не атрымалася. Наш шлях выходзіць складаным. Але па яму ўсё роўна патрэбна ісці, а не стаяць на адным месцы, махнуўшы рукой на свае мары. Інакш нічога мы ніколі не даб'ешся.

– Ідзі, вунь, – паказала кіраўніца на новую кліентку, якая толькі што зайшла ў зал, – дабіваўся, а я пакуль пагляджу.

Тэкст напісаны ў межах лабараторыі «Расцяжэнне»
2022 год