Любімыя
ЯНА САНЬКО
Рэмі забягае і, не разбуваючыся, ставіць на стол місу, загорнутую ў пакет. Разгортвае хумус, засыпаны грыбамі, календрай і сумахам. Працірае акуляры. З задавальненнем рэгіструе, як рукі цягнуцца да тэлефонаў зрабіць фота. Адступае назад у калідор распрануцца.

— Што дапамагчы? — падхопліваецца Гера, калі робіцца невыносна сядзець на месцы.

— Там сыр халумі ў лядоўні, яйкі, сюды іх, — камандуе Саша.

— Як ты іх хочаш?

— Яйкі ў місу, пабіць як амлецік. У другую місу мукі. А я пакуль тут.., — камандаваць цяжэй, чым рабіць, — О, а можаш сырную талерку зрабіць? Сыр там, мёд, арэхі, што знойдзеш.

Саша бярэ карычневую паперу для запякання і засцілае патэльню. Жэня залаціць на суседняй патэльні кунжут. Саша мачае брыкет сыру ў муку, яйка, зноў муку. Жэня высыпае кунжут у місу. Саша абвальвае сыр. Жэня налівае алей. Саша выкладае сыр на патэльню.

— Божа, любімыя, што гэта будзе? - пытае Рэмі, прыабдымаючы Сашу і Жэню.

Жэня ўсміхаецца і на секунду туліць галаву да пляча Рэмі. Саша працягвае мандарын і паварочвае сыр смажыцца другім бокам.

Гера занураецца ў задачу. Цвёрды сыр кубікамі. Бры скрылёчкамі. Плесневы наламаць абы-як. Воблака шклаваты, што адчувалася недзе ў жываце зранку, распаўзаецца па целе, і пальцы не свае, і ўжо да горла падбіраецца.

— Я вам кажу, мы мусім перагледзець стаўленне да Калядаў! — Саша прамаўляе да кампаніі, — Што хаваецца за капіталістычным фасадам? Цэлы месяц людзі жывуць, думаючы пра іншых! Купляюць рэчы вельмі танна і аддаюць людзям за так!

Госці смяюцца і пагаджаюцца. Жэня з пакалення, якое казала такія рэчы іранічна. З якога пакалення Саша, Жэня не разумее, хаця яны аднагодкі. Тысячу год таму Жэня і Саша сустракаюцца на гуртку па вязанні. Саша не верыць слоўнікам, і ўсё перакладае на бабуліну: петли - вочкі, правыя і левыя. На гуртку нудзяць нешта пра душны свет адведзеных роляў, вечнае супрацьпастаўленне, светлае і цёмнае, праўду і крыўду, сваё і чужое, правае і левае. Саша падвучвае ўсіх называць вочкі "нашыя" і "нянашыя", толькі нашымі лічыць левыя. Схемы ламаюцца, увесь гурток заблытваецца ў прутках, вяжа габелен п'яной павучыхі і разбягаецца бухаць на Філармоніі. Жэня кахае Сашу ад гэтага дня і назаўсёды.

Сёлета Саша вычытвае ў эка-анархістаў пра прысваенне Калядаў і вырашае, што будзе елка, стол, усё, чаго даўно прынята не мець. Кола замыкаецца, і яны запрашаюць гасцей.

Жэня перакладае сыр з патэльні на талерку. Саша палівае яго мёдам. Жэня кладзе на стол букет з відэльцаў, да якіх цягнуцца рукі. Дзесяць секундаў чуваць толькі скрыгатанне нажа па талерцы, і потым гучнае ухваленне.

— Неверагодна! Як гэта называецца? — Рэмі заўсёды ў захапленні, ад сыру, размовы, жыцця ў цэлым, — А вось елка таксама... На нейкі месяц, усе ладзяць у сваіх хатах чырвоны кут...

—...і літаральна прыносяць ахвяраванні дрэву! — падхоплівае Саша, — і пагатоў, цяпер модна, каб дрэва было жывое, у вядзерках!

— Заўважце, у гасцёўні, самым камунальным месцы ў доме. Гэта абы-якая, але супольнасць, — Жэня злёгку кранае пальцамі голкі ялінкі, і гірлянда міргае, бо штэкер яе ненадзейна трымаецца ў разетцы.

Гера кідае на сыр арэхі і разынкі, ставіць талерку на стол і глядзіць на Жэню — падыйдзе? Жэня ўхвальна ўсміхаецца і дакранаецца да пляча цёплым сяброўскім непрамоўленым: усё добра.

Гера выходзіць на гаўбец, здымае голай рукой з парэнчаў каўнерык снегу і шкадуе, што не паліць. Адчуванне, што шклавата дабралася да вушэй.

— Можа, трэба што ў краме? — пытаецца Гера, вярнуўшыся з гаўбца.

Трэба многа ўсяго: мандарынаў, можна яшчэ, сыру, Жэня просіць баклажан. Гера занатоўвае ў тэлефон.

Ліфт нервова скаланаецца і прыбывае на першы паверх. Гера ступае ў снег, і салатавая замша красовак адразу брыняе вільгаццю. Няма аніякага сэнсу ў гэтым пагаржанні камфортам зімовага абутку. Выбрык, бздура, яшчэ адна нагода адчуваць сябе неўладкавана, асобна, адзінока, нікчэмна, стоп.

Рэмі назірае ў вакно, як Гера на імгненне завісае і рушыць у бок, адваротны таму, дзе крама, да гары. Брыдзе няпэўнай хадой крыштальнага чалавека, што баіцца, паваліўшыся, не ўстаць.

Даволі цёмна, але Гера не ў тым стане, каб глядзець па баках. Гэта проста эпізод, гэта проста трэба перажыць, — закалыхвае сябе. Было раней, і неяк скончылася, — угаворвае. Падымаецца на гару і тады разумее, што не так. Цемрай зусім іншай, нязвыйклай тэмпературы, ахінула найлюбімейшы горад: не мігціць святочна, не ўсланы сцягамі салідарнасці, па дарогах не цягнуцца гірлянды запозненых кіроўцаў. Слупы дыму падымаюцца ад кропак, дзе пілі, танчылі і спрачаліся пра музыку, шукалі травы і ляжалі на траве. Гарыць будынак банка, помнік ар нуво. Шапіка з бэйгламі няма. Снег на гары пасыпаны попелам, і ў Геры няма адпаведнага бэкграўнду, каб ведаць, як выглядаюць сляды ад гусеніц танка, але гэта яны.

Гера прымружвае вочы і глядзіць яшчэ раз: горад сэрца на кароткае імгненне нібы вяртаецца да свайго звыклага святочнага выгляду. Але відзеж адступае, а руіны і пажарышчы паўтараюць: цяпер тут мы.

Гера заўважае, што шклавата адступіла ад горла, і ўпершыню за доўгі час адчувае жаданне выпрастаць хрыбет, пацягнуцца патыліцай да неба і шырока ўдыхнуць. Марознае і дымнае паветра забягае пад рэбры, і Гера выпускае выдых палёгкі, саромеючыся ўласнае рэакцыі.

Лявей ад гары чуваць чалавечыя галасы, Гера ідзе на іх. Двое свецяць ліхтарыкамі ўнутр перагорнутай на бок грузавой машыны, а чацвёра вымаюць з кузава скрыні і ставяць на снег. Выглядае, што скрыні цяжкія. Хто яны? Гера не разумее, што можна спытаць і на якой з моваў. Чуе яшчэ галасы з-за будыніны, якую яны з сябрамі ведалі як закінуты бруталісцкі шэдэўр, а жыхары горада сэрца — як сумніўную піўнуху мінулых дзён.

На тэрасе шэдэўра чалавек выломвае дошкі, якімі закалочаныя вокны, і падкідвае ў вогнішча. Трое абкружылі вогнішча і нібы смажаць нешта на прутках.

— Любімыя, пакаштуйце, — чуе Гера знаёмы голас.

Падабенства невыноснае, Гера застывае і глыбока дыхае, перш чым наважыцца ступіць з ценю.

— Што ж ты так доўга?! — Жэня кідаецца насустрач і кранае знаёмым прыязным дотыкам, калі Гера нарэшце набліжаецца, — што ў цябе?

Жэня ўмее выразіць даволі многа ўсяго адным і тым жа бязважкім дотыкам да пляча. Гера разумее, што ўжо нейкі час мае за спінай цяжкі заплечнік. Дастае адтуль халодныя вільготныя скруткі, аддае. Саша маўчыць і глядзіць у вогнішча, і ад гэтага непамысна. Гера сядае побач і колькі часу глядзіць на полымя таксама.

— А заўтра на гары будуць выдаваць пакункі, - кажа Рэмі, - давайце паспрабуем?

— Каляды, — Саша адказвае нейкім несваім голасам, — можа і атрымаецца.

— Трэба было б заняць чаргу, - пачынае Жэня.

— Я займу, — падскоквае Гера і пераконвае сябе, што гэта не цені на сяброўскіх тварах. Бярэ заплечнік, ківае і рушыць на гару. Краем вока бачыць, як Рэмі разводзіць рукамі: што паробіш.

Людзей і скрыняў больш няма, машына ляжыць на баку, пустая, бы растрыбушаны кіт. Гера хоча застацца ў гэтым небяспечным горадзе сэрца, дзе парадаксальна можа жыць і дыхаць, але ногі нясуць назад, дадому, у ліфт, які зноў падскоквае на шляху наверх.

— Ой, гэта непаўторна, - чуецца голас Рэмі.

Саша забірае ў Геры заплечнік і выкладае на стол мандарыны, баклажаны, сыр. Жэня працягвае керамічны кубак з віном. Гера сядае на падлогу і прыслухоўваецца, як адчай колкім бутонам прачынаецца і казыча дыяфрагму. Жэня сядае побач і ціха кажа: пабудзь яшчэ, адразу не ідзі.