мох
шкада, што мы не расцем духам
як у вышыню грыбы.
каб не галавою аб сцяну,
далонню па зубах,
і целам пад машыну,
а павольна і мякка,
пад рытмы атмасферы,
у такт варушэнням зямлі.
шкада, што мы не мох.
бо мох жыве сам
і яго не чапляюць змены.
ён рос тады і будзе цяпер,
а наконт нас
пакуль незразумела.
***
к.
дзякуй, божа,
што зрабіў майго каханага.
дзякуй, што даў вочы,
каб магла на яго глядзець.
цяпер
сярод шэрых панэлек
я бачу
яго усмешку і рухі.
і жыццё да мяне
не такое варожае.
арнамент
мае продкі ткалі арнамент
каб ахоўваць сваё жыццё
на шыі
рукавах
на краю спадніцы
каб жыццё нікуды не сыходзіла
і трымалася у межах цела
калі б я магла
выткала "кручча" пад вачамі
каб не выплакаць апошнюю надзею
і аздобіла сэрца
каб яно было мужным
і ведала сваё месца
не збягаючы ў пяткі
ад навін
***
няўжо заклік аб дапамозе
чуюць
толькі калі
яго выклалі выбітымі зубамі?