джэмсэйшны
(год, які не меў студзеня)
Andy Vazyanau
год, які не меў студзеня,
у якім я згубіў дыктафон
з шасцю гадзінамі нашых джэмсэйшнаў:
тое што павінна было ў нас нарадзіцца

у лютым спрабаваў заперціся ў студыі,
але гэта не дапамагло
ні схавацца, ні захавацца, ні цябе схаваць,
ні альбом дапісаць

мы апынуліся па розныя бакі
гэтыя бакі былі і раней рознымі
але не настолькі,
каб не магло быць джэмсэйшнаў

потым я слухаў новы альбом гурта preoccupations
пад паветраную трывогу ў кіеве
твой улюбёны гурт, мая гуманітарная паездка,
гэта вось было ўжо зусім так сабе

ці было ў тым годзе штосьці акрамя лютага,
прыгадаць цяжкавата;
але ў кастрычніку ты дакладна мерз у студыі;
толькі не гуказапісу

то была здымная студыя на далёкім поўдні
ты быў спрабаваўшы штосьці змяняць
поўдзень быў далёкім, але не вельмі,
так, каб не адчуваць надта ўжо моцных зменаў

мо й не трэба было нараджацца
тым шасці гадзінам краўтрокавых эксперыментаў
з імі трэба было б разбірацца,
а ў тым годзе не было калі, не было як

у тым годзе і месяцаў-то не было,
былі вялікі вусціш і дробныя спадзевы,
твой першы пераезд за мяжу,
а мой - пяты, і другі за два гады

у тваёй студыі на не такім далёкім поўдні
пры канцы восені стала зазімна.
мо то таму што поўдзень
быў недастаткова далёкім...

і ты завочна знайшоў нагоду
з'ехаць назад, у цяпло, на поўнач
(скуль ляцяць ракеты)
каб не піць, кажаш, антыдэпрэсанты

было так няёмка і жалюгодна
калі ў вас прарвала цеплатрасу на каляды
і ты сядзеў у мінус пятнаццаць без ацяплення
на хоць і поўднёвай, але ўсё жа поўначы

а я нагугліў
што на тым адносна паўночным, але ўсё жа поўдні
у гэты момант было плюс два
і вагаўся ці варта табе пра гэта паведаміць

вагаўся, седзячы ў студыі гуказапісу.
так, я паехаў туды зноў каб дапісаць альбом,
пакуль люты, нескончаны, не пачаўся па другім разе.
халера, мне так прыкра што ўсё так выйшла

што тыя, хто й не спрабавалі, цябе асудзілі;
што яны не спрабуюць цябе ні схаваць, ні захаваць;
а ўвогуле летась часцей чуў дзеяслоў пахаваць,
і не ў сэнсе культуры адмены

і ўсё яшчэ працягвае адбывацца.
але справа не ў поўдні, а ў табе.
запошчу гэта па-наску й скрыншотам
каб гугл-транслэйтар табе дакладна не дапамог